У мяне ёсць мара глыбінная:
Здаць мясцкому ўсе ключы
I з сталіцы, як з лабірынта,
У лясныя нетры ўцячы.
Пасяліцца ля песні чыстай —
Нетаропкага ручая,
У сядзібе зялёналістай
Бестурботніка — салаўя.
Ды пакуль пачакайце,
Лясныя нетры,
Ручаёк булькатлівы,
Баравое паветра.
Я шчэ маю сяброў,
Без якіх
мне нідзе
не ўсядзіцца, не ўспіцца,
Я шчэ недругаў маю,
З якімі
ніяк не магу
не счапіцца!