Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Кастусь Цвірка

Нарадзіўся 28 сакавіка 1934 года ў вёсцы Зялёная Дуброва Старадарожскага раёна Мінскай вобласці у сялянскай сям'і. Скончыў аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта (1958). У 1958—1959 гг. выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Труханавіцкай сярэдняй школе Капыльскага раёна. Быў літсупрацоўнікам раённай газеты «Рудзенская праўда», рэдактарам на Беларускім радыё, старшым метадыстам рэспубліканскага Дома народнай творчасці, старшым інспектарам Упраўлення па распаўсюджванні друку Міністэрства сувязі БССР. У 1972 г. скончыў аспірантуру пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР і з таго часу — навуковы супрацоўнік гэтага інстытута. З 1981 г. — старшы рэдактар выдавецтва «Юнацтва», з 1984 г. — рэдактар аддзела паэзіі часопіса «Полымя», з 1996 г. — кіраўнік і галоўны рэдактар выдавецтва «Беларускі кнігазбор». Кандыдат гістарычных навук. Член СП СССР з 1961 г.

Першы артыкул у рэспубліканскім друку з'явіўся ў 1951 г., першы верш — у 1953 г. Аўтар зборнікаў вершаў «Такія сэрцы ў нас» (1959), «Бягуць раўчукі» (1962), «Чарназём» (1967), «Каласы» (1975), «Сцежка дадому» (1980), «Рэха дарог» (1982), «Хат вячысты дар» (вершы і паэма, 1982), «Зялёная Дуброва» (1987), «Лодка долі тваёй» (1988), а таксама кніжак вершаў і казак для дзяцей «Зайчыкаў хлеб» (1966), «Дарункі лесу» (1969), «Як Алесь згубіўся ў лесе» (1986), «Добрыя суседзі» (1988).

Выйшлі мастацкія нарысы, звязаныя з літаратурнымі мясцінамі Беларусі, — «Дарога ў сто год» (1974), «Той курган векавечны» (1985), а таксама манаграфія «Слова пра Сыракомлю» (1975).

Прыняў удзел у напісанні кнігі «Беларуская фалькларыстыка эпохі феадалізму» (1989) (з. Г. Каханоўскім, Л. Малаш, 1989). Складальнік тома «Вяселле. Абрад» (1978), кнігі ўспамінаў пра З. Бядулю (з Я. Садоўскім, 1988), зборніка твораў Я. Чачота «Наваградскі замак» (1989).

cvirka.jpeg


Сярэдняя: 5 (2 галасоў)
Ідзём мы проста
      ў свой час світальны.
He збіцца б толькі —
      о век асляпляльны!
Нас слепіць сонца,
      нас слепяць горы,
Сляпні нас слепяць
      і слепіць гора.
Ідзём, ідзём мы
      праз рыфы, рыфмы,
Нас слепяць міфы,
      нас слепяць німфы.
I пот нас слепіць —
      нам жыць бы лепей!
Нас думка аб хлебе
      маланкаю слепіць.
Ды я не жадаю
      быць асляпленым.
З вачэй здзіраю
      святла заслону.
Хай наша зорка
      зіхціць выразна.
Нам трэба зоркасць,
      Нам трэба яснасць!


Сярэдняя: 4.3 (11 галасоў)
Дзень прапаў у мяне...
      А як хораша ён пачынаўся!
Як ён птахам дзівосным увысь узлятаў,
      як іскрыўся і ззяў,
      калі я прачынаўся!

I не згледзеў,
      калі адляцеў і сканаў,
      склаўшы — ціха так — крылы
(Толькі стужкай расстайнай зары памахаў
мне з небасхілу).
 
Дзень прапаў...
      У мяне яго ўкралі з-пад носа
(I чапляўся ж ён так за мяне
      пальцамі сонечных промняў з нябёсаў!).

Дзень прапаў...
      He пярсцёнак,
      не золата,
      не каралі —
Дзень укралі ў мяне,
      дзень укралі!

Я прыгадваць пачаў,
      хто ж украў яго ўсё-такі, дзень мой,
Дзе шукаць яго толькі,
      у якіх — мо хто бачыў — зладзеяў?

Так, зладзеі былі!
      Вунь ён, злодзей — тралейбус
(Як ён пхнуўся па вуліцы,
      турзаўся,
      як ён бяздарна людзей вёз!).

Сход — другі са зладзеяў
       (Так пакрасамоўнічаць там
      хацелася кожнаму!
Гадзіны мо тры таўклі ваду ў ступе,
      пералівалі
      з пустога ў парожняе!).

Трэці злодзей быў лектар
       («Атрымалася накладка, таварышы,
      казаў прафорг, трошкі яшчэ пацярпіце:
Хай сваё аддалдоніць —
      і яму ж трэба жыць як!»).

Чацвёртым злодзеем была чарга,
      што вілася змяёю ля крамы —
      вы даруйце мне, вікінгі,
Я недзе пасля пра вас пачытаю:
      нешта выкінулі!
 
А яшчэ... Ды ці злічыш зладзеяў усіх,
      якія
       (мо трэба было трымаць абцугамі?)
Па хвілінах
      мой дзень,
      як ваўкі, расцягалі!

Дзень прапаў у мяне...
      Дзень гэты доля дала мне,
      спусціўшы на сонечных струнах —
Каб іграў і свяціў...
      Які зраўняцца з ім можа
      дарунак?

Ён адзіны быў. Гэткага болей не будзе!
      I вось у бездань стагоддзяў
       (паспрабуй адшукаць цяпер там)
      ён кануў.
Як камень.

Дзень прапаў у мяне!
Дзень!


Яшчэ не ацэнена

Згубіў цябе. Куды ж пайсці?
Hi адраса, ні тэлефона.
Як промень воч тваіх знайсці
У горадзе мільённым?

Я без цябе — аглухлы грот,
Пусты, без пчолаў, вулей.
Ізноў, ізноў — каторы год! —
Кірую ў джунглі вуліц.

Мо між людзей твая мільгне
Касынка выпадкова?
Мо дзе ўзляцяць насустрач мне
Дзве ластавачкі броваў?

А за вясной — кіпіць вясна,
He згледзіш — час асенні.
Тапчу, тапчу асфальт звідна,
Шукаю голку ў сене.