Як карычневы ўзрыў, па законе кантрасту
Працінаючы зелень лясную наскрозь,
Валадар-вавілонянін з целам гімнаста,
Па сцяжынцы прамчаўся пародзісты лось.
Вайдэлот асцярожны бычынага статку,
Што народжаны быў адначасна с Зямлёй,
Ён сабой выяўляў векавую загадку
Аб таемнай, надумлівай долі сваёй.
Ён баяўся машын і дарожнага шуму,
Пазбягаючы іх у гушчэчы трысця.
Быў спалох трапяткім, і трывожную думу
Пасылаў яму лес пра кароткасць быцця.
Прымінаў капытом метлюжок вузкалісты,
Падпіраючы зоркі каронай крывой;
Вязень свету, на свет ён глядзеў ненавісны,
На хаўрус пажыральнікаў плоці жывой.