Хата мая, хацінка –
У абдымках яблынь і сліў.
Сэрца майго часцінка.
Свет, дзе ты іншым быў.
З цёплай ласкавай печчу –
Паганскім святым алтаром.
Дзе агонь першародны, правечны
Сакральным жывым святлом
Душу ачысціць. Радасць навее.
І накорміць усё сяло.
А занядужае хто – прагрэе.
І хваробы як не было.
У цёмным ціхім запечку
Хаты дух – дамавік –
Нашы душы чытае, як свечкі.
Ненавідзіць ён зло,
Бо да ладу прывык.
А ў куце святым чырвоным -
Абрадавыя ручнікі.
Каб душы продкаў ўлюбёных
Маглі тут гасціць праз вякі.
Не зачынялася хата
Для добрых суседзяў. Надзей.
І вячоркамі шчодра, багата
Весяліла дарослых, дзяцей.
Хата мая, хатуля...
Куфры. Ложкі ў падушках. Дарожкі,
Што далей у свет павялі.
Як бацька, як маці-матуля, -
Багацце найбольшае на зямлі.