Успамін пра Свята
Калі вечар зімовы заўзята
Шчэрыць чорныя зубы праз шкло,
Ўспамінаецца Боскае Свята,
Што ў далёкім дзяцінстве было.
І ўрачыстыя ў вокнах карункі,
І ўрачысты абрус на стале,
І пад ёлкай ўрачыстай дарункі,
І ўрачыстасць на сэрцы ў мяне.
І душа ўсё бліжэй да касцёла.
З неба снег, быццам там хмаратрус:
Гэта сядуць вячэраць анёлы –
Бог ім сцеле святочны абрус.
Ды ад зорачкі першай агеньчык
На ялінцы запаліць агні,
І прасіць будуць большы і меншы:
- Святло Божае, зло прагані!
А карункі – пялёнкі для Бога –
Тыя ў кожным бялеюць акне,
Каб Ён ласкай не кінуў нікога
І, вядома, прыйшоў да мяне.