Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Узнацкі шлях...

Сярэдняя: 4.8 (4 галасоў)

Узнацкі шлях —
Чатыры кіламетры —
Мае сябры,
Мае дажджы і ветры.
Чатыры знакі
Над маім сусветам...
Шляхі, шляхі, —
Пазначаны вы ўсе тут.
Вось гэты —
Самы юны і кароткі —
Да веснічак драўляных
Сямігодкі.
А ля яго —
Як чорны шнур:
Па гэтым
Вайну прынёс
Дзяжурны з сельсавета.
Яшчэ адзін...
Маўклівы і зацяты —
Бясконцы шлях
Да развітання з татам.
А ўпобачкі —
Вясёлкаю іскрыцца:
Унук да бабкі
Едзе са сталіцы...
Узнацкі шлях:
Мой шлях да маладосці
I новы шлях —
Да маладосці ў госці.
Узнацкі шлях:
Вязьмо маіх дарог,
Вязьмо надзей,
Чаканняў і трывог...
Іх сотні сот
На гэтых каляінах:
Удосталь мне
I ўдосталь будзе сыну.
Іх круцяць крута
Часу лемяхі,
Каб прарасталі
Новыя шляхі.