Вачэй прыжмураных хітрынкі
На мяне — як матылькі.
Дзяўчат праводзім з вечарынкі —
Падлеткі-хлапчукі.
Як майскі цвет, я быў нясмелым,
I ў памяці жыве —
Ідзеш ты ў плацці бела-белым
Па роснай мураве.
А там лясок — маё расстанне,
Дык не хавай шчакі.
Снуюць над намі да світання
Іскрынкі-светлякі.
Гармонік зойдзецца заўзята —
Хмялее галава:
— Ой, рута-мята ды не прымята,
Ды не стаптаная трава.