Калі ад працы цела нема ные
І сонейка шыбуе на спачын,
Душа плыве ў ваколіцы святыя
Маіх бясконца дарагіх мясцін.
Там дрэмле вёсачка ля чыстай рэчкі,
Яе гайдаюць ціха туманы.
І ветрык малады – пяюн адвечны –
Прыносіць шчодра летуценні-сны.
Спачну ў цішы чаромхавага раю,
Дзе конікі трашчаць да хрыпаты,
Дзе зоркі вечар, бы гады, гайдае
І ўзводзіць таямнічыя масты.
Я захаплюся прыгажосці морам,
Спакоем і смугою ля ракі.
І раптам здасца, што пяшчотным хорам
Мяне палоняць, клічуць васілікі.
Мае, з таго далёкага дзяцінства,
Мае, з тых бесклапотных дзён і сноў.
Адчую арганічнае адзінства
З жытамі ў полі, з росамі лугоў.
Згублюся, у зорках заблукаю ўпотай.
І агляджу кавалачак зямны,
Дзе я гушкаю з трапяткой пяшчотай
Сваёй душы валошкавыя сны.