Вар'яцее вятрыска штотыдзень –
Флюгер круціцца быццам турок,
Я, напэўна, кагосьці пакрыўдзіў.
Ты прабач мяне – я не знарок.
Прамянее вясной наваколле:
Іскры сонца і шум капяжу...
Толькі я ўсё адно мімаволі
На цябе – не на сонца – гляджу.
Ты прабач ад душы, без загадаў,
Каб раку адшукаць – тую, дзе
Нашы крыўды, зласлівасць і здрада
Патанулі ў вясновай вадзе.