У царкве ваўчынай воўк біўся вобземлю,
Скураной дудою выў, плакаў кобзамі.
З абразамі воўк дзяліўся абразамі,
Горкай доляю сваёй – з багамазамі.
– Ах, якім я выступаў важным гогалем,
Як пад вывернутым дубам у логаве
Ашчанілася ваўчыха шчанятамі,
Даўгалыгімі маймі, даўгапятымі!
Выскаляўся воўк ікламі шырокімі,
Што раслі яго ваўчкі сінявокімі,
Што раслі яны з бялюткімі лапамі
Што з сабакамі людскімі балакалі.
– Ці не мясам я карміў іх з матуляю,
Альбо вывадак не быў іх атулены?
Дык чаго ж павырасталі калекамі,
Што звязаліся яны з чалавекамі?
Воўк іклы свае паказваў кінжальныя,
Воўк валяўся перад божанькам з жальбамі,
Як зляцела благавешчанне птушкаю,
Як ён жэр дзятву, і кроў бегла юшкаю.
Воўчы бог яму з нябёс усміхаецца:
– Ты не вый, айцец! Цяпер позна каяцца.
Дзеці выраслі з душой пакалечанай?
Трэба іх было карміць чалавечынай!