Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Верабей і галубка

Яшчэ не ацэнена

Алесь Мацулевіч
Верабей і галубка
Ад’езду Тадэвуша Касцюшкі ў 1775 годзе ў Францыю, а пазней у Амерыку папярэднічала сумная гісторыя кахання.

1

Мастак Тадэвуш здольны.
Адукаваны ён.
Французскі горад стольны
ўмацоўваў добры тон.

Касцюшку пан Сасноўскі
ў маёнтак запрасіў.
“Дачка ў мяне, – саноўнік
з усмешкай прабасіў. –

Урокі малявання
ёй будзеце даваць,
бо стала мая панна
ўжо пэндзаль даставаць”.

2

Дом панскі – не хібарка!
З шыкоўных ён хацін!
Альтанка ў майскім парку.
Людвіка ў ёй сядзіць

і веерам махае
пурпуравым сваім.
Спяваюць пра каханне
Людвісе салаўі.

У парку час спаткання
для маладых наспеў –
мастак страчае панну
пад салаўіны спеў…

3

Гаворыць пан: “Галубка,
брат, не для вераб’я –
у сэрцы вашы з лука
дарма Амур трапляў.

Спяшацца будзе, ляпаць –
і сэрцы разаб’е.
Паненка, дробны шляхціц,
мая – не для цябе.

З Людвікай не любіся,
п’яная галава!”
І выкрасці Людвісю
Тадэвуш спланаваў…

4

Ляцяць на конях з парку
паненка і мастак.
Нясуцца коні шпарка –
нікому не дастаць!

Людвісю адбівае
харугва гайдукоў –
і шчасце абрывае
адважных галубкоў.

Касцюшку пагражае
смяротны прыгавор –
і бегчы вырашае
ў Парыж ён стрымгалоў…

5

Людвіку пан Сасноўскі
за князя аддае –
і апусціўся носік
напудраны яе.

Княгіняй Любамірскай
становіцца яна.
На сэрцы – непамыснасць.
У памяці – вясна.

У памяці – Тадэвуш,
альтанка, салаўі…
Куды ўспамін падзенеш,
княгіня, ты аб іх?..