Удзень мне цёмна, як уночы,
Закрыў мне белы свет мой лёс,
Бо плакалі нямала вочы
і вылілі багата слёз.
Устану - водзіць ва ўсе бокі -
Сяджу, прайду мо крокі два,
Трымчу, баліць у лобе трохі,
Пакуль пракружыць галава.
Аплаквалі няўцешна страту,
Маю вялікую бяду.
Прыйшоў у пятую палату -
Як знаць, калі з яе пайду.
Лячэнне йдзе валовым крокам,
і значных вынікаў няма.
Пакуль пабачыць трохі вока,
Напэўна, скончыцца зіма.
А вочы ўсё няўмольна плачуць,
і сам ад горкіх слёз прамок.
Адно, я радасць слова бачу,
Як плаўна ставіцца ў радок.
1991