Вось падхапілі мары-крылы
(Так, можа, толькі ў сне лятаў),
I я падняўся ўвысь на хвілю
I ў светлай хмарцы
кропляй стаў.
I вось ужо набракла хмарка.
Спрабуй, бяскрылы, ўніз зірні!..
Зямля ляціць насустрач шпарка..
Як страшна падаць з вышыні!
Ніхто не бачыў першай кроплі —
Ушчэнт разбілася аб дол.
Расліны ссохлыя прамоклі,
Павесялела ўсё вакол.
Гудзе, буяе ў садзе квецень
У звонкім ззянні кропель-рос.
...Ніхто, напэўна, не прыкмеціў,
Як падаў я аж з-пад нябёс.