Як ліса, падкрадаецца восень.
Дождж ціхі часцей церушыць.
Яшчэ крышачку спёкі мы просім,
Каб здрацвелыя душы лячыць.
Ліст кляновы да долу імкнецца,
А на ліпе – тысячы сонц.
Цераз хмары праменьчык праб’ецца
І патухне ў цемры аконц.
Апусцела жытнёвае поле.
Голы шлях. Ніводнай душы.
Толькі ў небе, нібыта ад болю,
Клёкат бусла маркотна гучыць.
У стракатай віхуры лістоты,
У абдымках казачных сноў
Памірае на зімку прырода,
Каб вясной нарадзіцца ізноў.