Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Алесь Ардоў

Сярэдняя: 4.5 (13 галасоў)

Як ліса, падкрадаецца восень.
Дождж ціхі часцей церушыць.
Яшчэ крышачку спёкі мы просім,
Каб здрацвелыя душы лячыць.

Ліст кляновы да долу імкнецца,
А на ліпе – тысячы сонц.
Цераз хмары праменьчык праб’ецца
І патухне ў цемры аконц.

Апусцела жытнёвае поле.
Голы шлях. Ніводнай душы.
Толькі ў небе, нібыта ад болю,
Клёкат бусла маркотна гучыць.

У стракатай віхуры лістоты,
У абдымках казачных сноў
Памірае на зімку прырода,
Каб вясной нарадзіцца ізноў.



Сярэдняя: 5 (10 галасоў)

Снег мяце ад краю да краю.
Завіруха тут правіць баль.
Толькі мне вясны не хапае,
Што абудзіць прыроду і край.

Разбягуцца ўсюль ручаіны
Паміж снегу вясёла ўдаль,
Панясуць пад шчэбет птушыны
Сваё срэбра маленькіх хваль.

На ўскрайку голага лесу,
Дзе яшчэ толькі снег зышоў,
Зацвітуць кілімам пралескі
Пад залівісты спеў жаўрукоў.

А пасля наўсцяж забуяюць
Зелянінай усе палі.
Зацвіце вакол, заспявае,
Загучыць кожны кут зямлі.

Ты мне скажаш шэптам: “Кахаю”.
Мае вусны знойдуць твае…
Завіруха свішча, гуляе…
Як жа мне вясны не стае!



Сярэдняя: 4.9 (12 галасоў)

Твой вобраз гадамі я складаю
Са спеву птушак ранішняй парой,
Са снегу, што божы свет хавае,
І з неба з чысцюткай сінявой,

Са стрэх вясковых хат замшэлых,
З сівых старэчых пасмаў валасоў,
Са смаку яблыкаў паспелых,
І з шэпту мора жытніх каласоў,

І з ціхай плыні рэк шырокіх,
З вясенняй гулкай песні ручая,
Са ззяння ў небе зор далёкіх,
З пярэстых яркіх фарбаў матыля.

Твой вобраз я штодня ствараю,
Вучуся праўдзе, шчырасці, дабру.
Цябе Радзімай называю,
Мой край, мая святая Беларусь!



Сярэдняя: 4.5 (10 галасоў)

(прысвячаецца С.А. Сацэвічу)

Цяжка думаць, што мова дзядоў
Адгучала навекі тут.
Памірае пад звон ланцугоў
У курчэнні ад доўгіх пакут.

Адракліся яе ты і я
(Крывадушша не мае рады!).
Памірае народу дзіця
Пад залівісты смех гапаты.

• • • • • • • • • • • • • • • • • • • • • • • • • • • •

Сум агорне душы пустату.
Слёзы болю цякуць па шчацэ.
Якім словам апець мне бяду,
Што ад страты так сэрца пячэ?!!