І.
Куды пайсці? Стаю на раздарожжы,
На тонкім, хісткім мосціку стаю.
Хачу я адпусціць душу сваю.
Няхай сабе ляціць у падарожжа!..
Яна сустрэне шчасце там, ці, можа,
Зусім загіне. Лёсу аддаю
Яе. Заўчасна рэквіем пяю.
За гэты цяжкі грэх даруй мне, Божа…
Але… Маю малітву ты не чуеш.
Бяссэнсна… Мне нічога не даруеш,
Бо ты — міраж. І не табе судзіць
Блукаючую прыцемкам дзяўчынку.
Я нарабіла шмат благіх учынкаў,
І страчанага болей не набыць.
ІІ.
І страчанага болей не набыць…
Яно прайшло і знакла назаўсёды.
Не вернецца, такі закон прыроды.
Мне шмат чаго хацелася б забыць,
Ды памяць вечным помнікам стаіць.
Яе ўспаміны, быццам электроды,
Душу б’юць токам. З гэтакай нагоды
Яна ад іх трапеча і баліць.
Хутчэй, хутчэй ёй лекара знайдзіце,
Мікстуру ад хваробы прапішыце,
Бо нервамі мне трэба даражыць.
Няшчасці набліжаюцца імкліва.
Азмрочаны мой шлях, таму не дзіва:
Губляю часам я жаданне жыць.
ІІІ.
Губляю часам я жаданне жыць.
Такое ў кожнага з людзей бывае,
Калі душа дакладна адчувае,
Што іншым чынам лёс свой не змяніць.
Хацела б я дашчэнту спапяліць
Усё, што мне маркоту навявае,
І тых, хто мне лісліва спачувае,
І тое, з-за чаго магу схлусіць.
Але цярплю, прыходзіцца трымацца,
На паратунак нейкі спадзявацца.
А свет людзей настроены варожа.
Я рызыкую стаць такой сама.
Нікому справы дя мяне няма.
Пачну тануць — ніхто не дапаможа.
ІV.
Пачну тануць — ніхто не дапаможа,
А потым самагубствам назавуць
І слёзы горкія па мне пральюць.
Жыву я пад цяжарам горкай ношы.
І гэта бачыць, разумее кожны.
Няўжо руку складана працягнуць?
Не, ім лягчэй сумненне падмануць,
Лягчэй схавацца ім у лёс таёжны.
Нязменнае людское асяроддзе
Ўжо на працягу некалькіх стагоддзяў…
Са шчырасцю, зусім не асцярожна
Ў людскія сэрцы стукаю цяпер,
А мне ў адказ — падман і недавер.
Стаміўшыся, я падаю на ложак…
V.
Стаміўшыся, я падаю на ложак,
Заснуўшы, бачу незвычайны сон.
Нібыта грае марш свой Мендэльсон.
Людзей збірае смерць, як быццам збожжа.
Нясуць труну і кветам шмат прыгожых.
Ільецца дождж з вачэй. Дзе ж парасон?
Так недарэчна ўсё, але ж рэзон:
Смяяцца ў гэты час зусім не гожа.
Падараваў мне розум з’яву гэту
І сапсаванасць успрымання свету.
Душу і сэрца трэба падлячыць,
Іначай можна звар’яцець ад стрэсу.
І сон мой — мабыць, сведчанне рэгрэсу.
Даўно мне неабходна адпачыць…
VI.
Даўно мне неабходна адпачыць,
Пазбавіцца ад смутку неабходна.
Душа імкнецца дыхаць больш свабодна.
Яна аб гэтым моліць і крычыць.
Яшчэ з маленства я люблю сачыць
За тым, што вечна, а не проста модна.
Аналізам займацца мэтазгодна,
Каб правільныя вывады рабіць.
Але пакуль у калаўроце думак
Ад смутку не знайшла я паратунак.
Наадварот. Паспела я згубіць
Шмат важнага і ад жыцця стаміцца.
Я ведаю, што трэба ўжо спыніцца,
Свае памылкі перастаць лічыць.
VII.
Свае памылкі перастаць лічыць,
Адкінуць прэч атрутную маркоту,
Напоўніць нейкім сэнсам адзіноту
І толькі аб шчаслівым варажыць…
Ці здолею? Перада мной ляжыць
Цярністы шлях, дзе я пакіну цноту,
Прайшоўшы праз цямноцце, бруд і слоту.
Да ўзвышанасці дзверы адчыніць
І ў творчасці знайсці сябе складана.
Пачнеш ты ісціне служыць аддана,
Пачнеш шукаць яе ва ўсім заложна…
Адбітак вынікаў чытаецца ў вачах —
Няўпэўненасць, сумненні, боль і жах…
Яны бясконца мне душу трывожаць.
VIII.
Яны бясконца мне душу трывожаць.
Сумненні злыя, захапіўшы трон
Душы, паціху набліжаюць скон.
Нясуць імкліва, быццам воды Сожа,
Свядомасць у пустэчу. Злая множнасць!
Я за табой памкнуся наўздагон.
Калі ўва мне абудзіцца дракон,
Яму нішто процістаяць не зможа!
Душа мая хавае таямніцы.
Анёл у ёй мяжуе з шаляніцай.
(Прагляне існасць, калі ёй дазволіць!..)
…Жыццё паднесла жорсткі свой урок.
Зрабіць я паспрабую першы крок.
Хай смутак не марнуе сэрца болей!
IX.
«Хай смутак не марнуе сэрца болей!» —
падняўшы гэты тост, я п’ю віно.
Здаецца, што патраплю я на дно,
Калі жаданні ўсе змагу спатоліць.
Душа мая знясілела ад болю,
А выйсце, пэўна, як заўжды, адно.
Адзінае, і тое не відно.
«Дэпрэсія — ад несвабоды волі», —
так сведчыў Ніцшэ. Што ж, я разумею.
Галоўнае, каб не згубіць надзею.
Пакут і мук я зведала даволі.
Якіх? Аб гэтым лепей памаўчу.
З маркотай развітацца я хачу,
Ды, мусіць, не бываць таму ніколі.
Х.
Ды, мусіць, не бываць таму ніколі,
Што значна лёс я здолею змяніць.
Таму наўрад ці я змагу спыніць
Самотны вір сваёй няшчаснай долі.
Я тлею, як папера на вуголлі,
Мая душа палае і гарыць.
У сэрцы рана. Як яе закрыць,
Каб людзі не насыпалі больш солі?
Прыходзіць смутак зноў неспадзявана…
Што мне яшчэ ў жыцці наканавана?
Трымаю я, нібыта булаву,
Цяжар праблем. І толькі ў марах проста
Ад іх мне збегчы на бязлюдны востраў,
Напоўніўшы развагай галаву.
ХІ.
Напоўніўшы развагай галаву,
Хачу знайсці я мэту існавання,
Пакуль не знікла ў сэрцы адчуванне,
Што недарэмна век свой пражыву.
Жыццё выпрабаваннем назаву —
Не памылюся. Зведаць боль, каханне,
Нягоды, шчасце і расчараванне,
Пазнаць асновы справы і навук
Даецца кожнаму. А у чым жа сутнасць?
Жыццёвы кошт высокі — шматпакутнасць.
Яна зліваецца з душой людскою,
Турбуе нават падсвядома ў сне.
Не абмінула гэта і мяне:
Я ад пакут не ведаю спакою.
ХІІ.
Я ад пакут не ведаю спакою.
Мне весялосцю не прагнаць журбу.
Нагадваю я ніцую вярбу,
Якая моўчкі плача над ракою.
Хачу ствараць уласнаю рукою
Сваё жыццё. І вось у барацьбу
Ўступіць імкнуся з лёсам. А мальбу
Аб ціхім шчасці захаплю з сабою.
Але пакуль што распасцерці крылы
Яшчэ не час. Калі збяру я сілы
І падрыхтуюся як след да бою,
Тады пачну з Сусветам ваяваць.
Няхай мяне спрабуе ўтаймаваць!
…Чаму я нарадзілася такою?
ХІІІ.
Чаму я нарадзілася такою?
Хачу я ў свеце ўсё спазнаць хутчэй.
Сябе шукаю… Мо было б лягчэй
Быць простаю дзяўчынкай гарадскою?
Не Афрадытай — пенаю марскою, —
Русалкай буду ў цішыні начэй.
Зеленаватым колерам вачэй
Душу камусьці ахіну смугою.
Гатовы нехта ўжо мяне праклясці…
Я прадчуваю, што свой шлях пракласці
І за ўвесь час не трапіць у дрыгву
Зусім няпроста, бо не любяць людзі
Аднаасобнікаў. Што ж, будзь, што будзе!
Цячэ жыццё — і я па ім плыву.
ХІV.
Цячэ жыццё — і я па ім плыву
Паўз дні, світанні, ночы, адвячоркі…
Шлях гэты ў небе асвятляюць зоркі.
Магчыма, што яго я абарву,
Закончыўшы апошнюю главу
Фіналам, быццам у Гарсія Лоркі.
Жыццё бывае часам перцам горкім,
А можа быць салодкім, як кавун.
Для дзейнасці я выбіраю сферу…
Аддацца Богу мне ці Люцыферу,
Альбо свядома заставацца той жа:
Упарта не прымаць нічый закон,
Удасканальвацца да схілу дзён?
Куды пайсці? Стаю на раздарожжы…
XV.
Куды пайсці? Стаю на раздарожжы…
І страчанага болей не набыць.
Губляю часам я жаданне жыць.
Пачну тануць — ніхто не дапаможа.
Стаміўшыся, я падаю на ложак —
Даўно мне неабходна адпачыць,
Свае памылкі перастаць лічыць.
Яны бясконца мне душу трывожаць.
Хай смутак не марнуе сэрца болей!
Ды, мусіць, не бываць таму ніколі.
Напоўніўшы развагай галаву,
Я ад пакут не ведаю спакою.
Чаму я нарадзілася такою?
Цячэ жыццё — і я па ім плыву.