Вёска любая мая ты!
Часам сумна мне бывае,
Ды тваiм праходжу полем -
Сум умомант той зьнiкае.
Стрэну там дзяцей вясковых -
Хоць адзежка iх у латах,
Столькi шчырасцi чысьцюткай
Бачу ў мiлых вачанятах!
- Як жывеш пане Стафане?
Усьмiхаецца Сьцяпанка.
Там - Алесь, а там Вiктося,
Што зардзелася, там - Янка.
Пасьвяць сьвiнак тут, авечак
Гэты - з пужкаю гуляе,
Тая ў'е вянок з валошак.
Той скацiнку ў гурт зьбiрае.
Там - Гануська-гаспадынька
З Iзабэлкай каля пашы
Шчыра бульбiны зьбiраюць,
Што выкопвае Лукашык.
Iх, сяброў маiх маленькiх,
Бачыць рад я на палетках -
Зьмiтрака, Марцiнка, Юрку
Дамiцэлю i Пракседку.
Iх усiх вiтаю шчыра,
Грушку iм даю цi яблык.
Хто раней паглядваў скоса
На мяне, цяпер - мой сябра.
Хай жа вас сам Бог гадуе,
Вам дае здароўе, шчасьце,
Ад людзей пашану, ўвагу,
Зьберагае ад напасьцi.
Падрастай, народ маленькi,
Гаспадынькi, аратаi.
Адарыць мне вас няма чым -
Шчырым сэрцам адараю.