Вясковыя ўрачы
Ці праўда гэта, можа пагалоска-
Ды бабы вестку хутка разняслі:
Прыехалі ўрачы да нас у вёску,
Каб дзеткі ўсе здаровымі раслі.
Прыгожыя, казалі, маладыя,
Дачушка гадавалая ў іх.
І жартавалі голасна старыя:
Мо недзе падрастае і жаніх.
Я толькі замуж выйшла той вясной,
Наперадзе чатыры немаўляці,
Вяртала мне надзею і спакой
Дзіцячы ўрач, як і для кожнай маці.
Бяда, хваробы час не выбіраюць,
Прыходзяць нечакана ўдзень і ўночы,
І паратунку ўсе у вас шукаюць,
І запытальна вам глядзяць у вочы.
Няхватка лекаў, але ж цеплыні,
Увагі тон да хворага даходзіць,
Пад націскам душэўнай дабрыні
Хвароба адступае, адыходзіць
Гадоў семнаццаць лечыце вы нас,
Ужо дачка другая падрастае…
Як кажуць людзі: ў добры дзень і час,
Няхай няшчасце дом ваш не кранае.
1997 г.