Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Ніна Кавальчук

Сярэдняя: 4 (8 галасоў)

Апошні званок

Няўмольны рух жыцця і хуткаплынны.
Вось і для вас прыйшоў расстання час.
Хвалюючыя ціхія хвіліны
Яшчэ ўспамінам вернуцца не раз.

У кожнага свае былі сцяжынкі
Да роднай школы ад бацькоўскіх хат.
Цяпер і вы не хлопчыкі, дзяўчынкі,
А выпуск школы з юнакоў, дзяўчат.

Дзяцінства больш не вернецца ніколі—
Пераступілі вы яго парог.
І гэты ранак развітальны ў школе
Успомніцца на тысячах дарог.

Званок апошні сэрца ўстрывожыць
І адаб’ецца смуткам у вачах.
З дзяўчынак хтосьці і заплача можа—
Зусім не так, як плачуць па начах.

Наперадзе іспыты, хваляванні
І баль, што пройдзе праз усё жыццё.
І будуць зноў сустрэчы і расстанні,
І светлага кахання пачуццё.

Усё будзе, толькі вось у школу
Не давядзецца болей вам хадзіць
І ранцы па апаўшым лісці долу
З сабою будуць іншыя насіць.

Настаўнікам свой “дзякуй” развітальны.
Вам шмат разоў захочацца сказаць.
На балі з імі да зары світальнай
Вы будзеце спяваць і танцаваць.

Святлеюць ад усмешак добрых твары.
Як многа сёння кветак і гасцей!
Хай збудуцца надзеі ўсе і мары.
А ў школу ўсё ж прыходзьце вы часцей.

1998 г.



Яшчэ не ацэнена

Апошні званок

Час расстання са школай прыйшоў,
Мноства кветак, усмешак і сонца,
Хваляванне шчымлівае зноў—
Не бывае дзяцінства бясконцым.

Вось і вырас другі мой сынок,
Хай пашчасціць з дарогі не збіцца,
Каб пачуць зноў апошні званок,
Я адклала сустрэчу з бальніцай.

Зноў юнацкай вясны карагод,
І чырвоныя, сінія стужкі.
На іх надпіс—2000 год,
А вакол заліваюцца птушкі.

Я хвалююся, любы сынок,
Бо павінна з табой развітацца.
Ты святкуй свой “Апошні званок”,
Я ж пайду да хірургаў збірацца

2000 г.



Сярэдняя: 4 (7 галасоў)

Бацькава сталярня
(Прысвячаю свайму тату Пічыцу
Уладзіміру Андрэевічу)

Яшчэ была без мэблі наша хата,
Хоць да ўваходзін поўнасцю гатова.
Заняў пад свой вярстак сталярны тата
Нябелены пакой у ёй часова.

У думках марыў: як заробіць грошай,
Тады майстэрню ён сабе збудуе.
Ну, а пакуль была там нам раскоша,
І толькі маці сварыцца, бядуе.

І просіць нас ад саменькага ранку,
Каб мы ў сталярню нават не ступалі
І не рабілі ў стружках больш гулянку.
Кляліся мы, ды слова не трымалі.

І ў гурбе пілавіння з галавою
Куляліся і я, і большы брацік.
Пасля ўцякалі ў “чыстыя” пакоі,
Каб нам лупцоўкі не было ад маці.

Больш на мяне злавалася яна:
“Якая з вамі чысціня тут будзе,
Што гаварыць пра меншых, як сама
Стаіш у пілавінні ўся і ў брудзе.

Зноў стружкі па ўсёй хаце разняслі”,
І з крыўдаю падлогу падмятае,
“Во, колькі смецця зноў мне прыняслі”,
І злосна на нас венікам махае.

Маўчала я, быць не магло іначай,
Сябе я адчувала вінаватай.
І марыла з упартасцю дзіцячай,
Што больш не будзе сталяром наш тата.

Вунь, працаваў бы лепей трактарыстам,
Вазіў бы нас з сабою у кабіне,
Было б у хаце хораша і чыста,
І не ляжалі б стружкі, пілавінне.

Але тады ўзяла б я дзе фігуркі,
Што пахнуць лесам, хвояй і смалою?
На аканіцах бацька ўжо карункі
Не выразаў бы пілкаю ручною.

Жыцця без гэтых цацак не ўяўлялі,
Не ведалі пра лялькі і машынкі,
Палацы з розных дошчачак складалі,
І так раслі мы—хлопчыкі, дзяўчынкі.

З тае пары гадоў прайшло нямала,
Даў талент свой сынам мой бацька ў рукі.
З фігуркамі цяпер, як я, бывала,
Гуляюць мае дзеці—яго ўнукі.
1997г



Яшчэ не ацэнена

Бярозкавы мары

Плывуць аблокі над прыціхлай вёскай,
Кудысьці іх халодны вецер гоніць,
Плывуць над полем з тонкаю бярозкай,
Яна аб чымсьці шапаціць, гамоніць.

Мо, летнія успомніла світанкі,
І зарапады жнівеньскай парою,
Спатканні прызначалі тут каханкі,
З ёй радасцю дзяліліся сваёю.

Іх ад дажджу хавала і спякоты,
І сведкаю была узнёслых мараў,
А часам замаўкала ад самоты
Пад цяжарам зласлівых цёмных хмараў.

І як тады хацелася зялёнай
Сарвацца з месца хоць бы на імгненне
І прыхінуцца да гарэзы-клёна,
Адчуць яго гарачае трымценне.

Ды ведала, што гэтага не будзе,
Ніколі ім на ўзлеску не сустрэцца.
Быць разам, пэўна, могуць толькі людзі,
І хто сказаў: Не маюць дрэвы сэрца.

Туманамі ахутаная вёска,
Нялёгка дрэўцу ў непагадзь без пары.
На лес глядзіць самотная бярозка,
Хаваючы глыбока думкі-мары...

1999 г.