Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

ВЯЗЫ

Яшчэ не ацэнена

Спякота спала. Цiхi вечар.
Аблок сплаўляюцца вазы.
Нам зноў прызначылi сустрэчу
(Нiбы паклiкалi на веча)
Заўгодзь – вясковыя вязы.

Ну што сказаць? Лавi лагоду,
З вышынь гадоў на ўсё зiрнi:
Успомнi, брат, адкуль мы родам,
Адкуль шляхецтва каранi.

Сустрэча з сябрам – бы дарэчы,
Сiл прыдае яна ў разы.
– А помнiш, як мы ў цёплы вечар
Грузiлi сена на вазы?..

Як смех дзяўчат гучаў паўсюду
У сенакосную пару?..
Забавы нашы, перасуды,
З чым сустракалi мы зару?..

– За лёгкiм хлебам не ганяцца б…
– Пра тое думаю штодня:
Струхнела дзедава сяўня,
Няма куды цяпер вяртацца…

– Сам прыкмячаю, год ад году,
А трэшчын – болей на кары
Вязоў старых… (Адкуль мы родам),
Як больш маршчынак на твары.

– На вёсцы мы сягоння – госцi,
Як нi круцi, ад думак сум…
– Тут цяжка выправiць нам штосьцi,
Хоць ёсць прастор яшчэ для дум.

– Пад кронаю густога лiсця
Пакурым лепш… i памаўчым,
Пра што мы марылi калiсьцi…

– Усё прайшло, як дым, лiчы,

Але штогод нас на сустрэчу
Завуць здалёк, бы на прызыў,
Як некалi склiкалi веча,
Завуць – вясковыя вязы!..