Выбух. Не веру.
Пякучая хваля ў вочы
Сумнай заслонай,
Нябачнаю для другіх.
Што гэта стане?
У роспачы цяжка крочу,
Крочу па сцежцы вячэрняй густой смугі.
Што са мной будзе?
Мне верыць - або забыцца?
Гэта пачатак
Ці проста пякельны дым?
Добры канец прадказвалі мне паліцы,
Кнігі ды казкі -
А што насамрэч у ім?
Я заблукала.
У сэрцы лягла пустэча.
Выжжаны стэп да цэглы і камянёў.
Я - наймацнейшая.
Я зараклася енчыць.
...Сіняе неба, вуліцы ды галлё,
Горыч і ціша аўтобуса паўпустога,
Сонца на шыбах, маўклівая калея,
Я вырашаю, што я пачынаю знову.
З гэтага дня,
Так,
З гэтага самага дня.