Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Выпадковы мінак

Сярэдняя: 2.7 (3 галасоў)

Выпадковы мінак -
Працаўнік беларускай чыгункі
Шпаркай хадою гнуткай
Шыбуе дадому, аднак,

Стомлены працай,
Бязглуздзіцамі кіраўніцтва,
Недахопам грашовых сродкаў,
Вырашыў не спяшацца -
Дамоў жа нельга спазніцца
І страціць часткі заробку.

Каб з галавы выбіць гэту лухту,
На сваякоў не наводзіць нуду, -
Спявае на вуліцы голасна песні,
Каб добры настрой дадому прынесці.

Паштальёнка
На ровары з нізкай рамай
Ківае знаёмым тварам,
Разносіць раёнку.

Перакінецца добрым словам,
Навінай, увагі вартай,
Падтрымае старых і знявечаных.
Яе чакаюць у кожным доме,
Частуюць салодкай гарбатай
І ў папяровай абёртцы печывам.

А каб блішчэлі ярчэй катафоты
У сераду і ў суботу, -
Насвіствае гучна мелодыі,
Бесклапотна і з асалодаю.

Сур’ёзны мужчына
Прыпаркаваў паркетнік -
Амаль што заехаў на кветнік,
Так, што прайсці немагчыма.

Пужае ўсіх нуднаю мінай, -
Увесь час у тэлефон
Крычыць так, што чуе ўся вуліца,
На жонку, даўно нямілую.
І ўвечары ў прытон
Так жа прыкладна прыпаркуецца.

Куды там яму да песен і плясак,
Дзелавы ж чалавек, - не мае ён часу.
Дома ці крыкі, ці цішыня,
Грошай хапае, а шчасця няма.