Выпаў снег. Ізноў ачышчаны
І паветра. І зямля.
Снег – як свята. Як праісціна.
Зорак свежая ралля.
Выйду ў ранак заінелы я,
Як і многа год назад.
Прада мной дарога белая –
Думак светлых снегапад.
Шыр, прастор з душой зрастаюцца.
Забываеш хоць на міг,
Ўсё, што мучыла, чакаецца.
Камяні ля ног сваіх.
Мне мятлушкі срэбразвонныя
Падаюць сваю руку.
І вятрыска неўгамонны
Зноў цалуе у шчаку.
У святлыні белай-белай
Снежным садам я іду.
Пасля сняжынкай зледзянелай
Табе на вусны упаду.