З вуліцы, з перапынку
Сонца прынеслі многа...
Вялікія вы, дзяўчынкі
З дзесятага,
выпускнога!
Дзевяць гадоў — за вамі,
Нібы ў вясёлым абозе...
Цяпер,
як вы кажаце самі,
Усё ў вас на поўным сур'ёзе.
Урок —
як адна мінута,
А што за ўрокам чакае?
Нялёгкія інстытуты,
Журба, невядома якая?
I невядома, якія
Словы наклічуць горыч,
I невядома,
якія
Хлопчыкі
будуць поруч...
Цяпер усё ў даляглядзе.
Значыць, далей глядзіце!
Па купінах, па лістападзе
Ідзіце, дзяўчынкі,
ідзіце!