Матуліны рукі, як птушкі, лятаюць,
Здаецца, нібыта і стомы не знаюць.
І крыжык за крыжыкам роўна кладзецца:
Як быццам гаворка аб нечым вядзецца.
То чорны, то белы, то колер ружовы:
Здзіўляюць, уражваюць, вабяць узоры.
Чаруюць матуліны рукі ад ранку,
Укладваюць душу ў ручнік-вышыванку.
І ціха за ніткаю песня вядзецца:
Як цяжка ў жыцці без кахання жывецца,
Як хутка праходзяць гады маладыя,
Бы ў церам зайшлі малайцы удалыя...
Я побач з сястрычкай малодшай гуляю.
Здаецца ж, матулю не заўважаю.
А бач ты, імчыцца на крылах-гадах
Карцінка. І сёння стаіць у вачах:
Чаруюць матуліны рукі ад ранку,
Укладваюць душу ў ручнік-вышыванку,
І сумна за ніткаю песня вядзецца –
Аб долі ўдавы нейк інакш не пяецца.