Абавязаны я табе
За светлы ранак,
Дзень пагодны.
За хор птушыны,
Сэрдцу родны, -
Я абавязаны табе.
Абавязаны я табе
За рунь вясновую,
За краскі.
За таямніцу
Дзіўнай казкі –
Я абавязаны табе.
Абавязаны я табе
За хлеб духмяны,
Без падробкі.
За нашы
Мірныя заробкі –
Я абавязаны табе.
Абавязаны я табе
За сон спакойны,
Без трывогі.
За сцежкі нашы
І дарогі –
Я абавязаны табе.
Абавязаны я табе
За шчыры смех
Дзяцей у хаце.
За ўсё, за ўсё,
Радзіма-маці,
Я абавязаны – табе.