Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Апошнія водгукі

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Алесь Бібіцкі

Сярэдняя: 4.5 (4 галасоў)

Сцвярджаюць –
Круціцца Зямля
Навокал восі,
Нібы жорны.
А мне здаецца:
Спакваля
Плыве яна ў нябёсах зорных.

Нясе і нівы, і лясы,
І верасовыя паляны.
Нясе заводаў карпусы,
І гор хрыбты,
І акіяны.

Як кола,
Круціцца Зямля,
Аж лямантуе вось нямая.
Я адчуваю –
Спакваля
Мяне да сонца падымае.



Сярэдняя: 4 (1 голас)

Гляджу я ў Ясельду-раку –
Якая чыстая вадзіцца!
Такой на ўсім мацерыку
Нідзе вам болей не напіцца.

Схаваўшы крыўды ўсе на дне
У перастылыя разоры,
Людской пакуты на спіне
Рака нямала знесла ў мора.

Аб цёплым леце сніла сны
Зімой пад тоўстым дазам лёду,
Свій звонкі спеў у час вясны
Зноў пачынала з крыгаходу.

Тут, на Палессі,
Між ракіт,
У берагах з пяску і глебы
Плыве,
Гайдаецца блакіт –
Маіх мясцін
Зямное неба.



Сярэдняя: 4.5 (2 галасоў)

Маё двухрэчча –
Не між Тыграм і Еўфратам,
На ім грабніц і пірамід няма.
Тут летам сонца
Шчодра свеціціь хатам,
Тчэ снежны вэлюм звонкая зіма.

Вясна ўладарна
Дорыць радасць нівам,
Пад ногі сцеле
З красак абрусы.
І аніколі б я не быў шчаслівым
Без сэрцу любай
Восеньскай красы.

Тут ведаюць цану
Нялёгкім стратам
За светлы дзень,
За сённяшні спакой.
Маё двухрэчча –
Не між Тыграм і Еўфратам,
А паміж Ясельдай і Прыпяццю-ракой.



Сярэдняя: 5 (1 голас)

Быў я на поўначы,
Быў я і ў Сочы,
Там не такія
Салодкія ночы,

Там не такія
Вясельныя святы,
Там не такія
Красуні-дзяўчаты.

Як на Палессі,
Ля Прыпяці-рэчкі.
Тут вінаградам
Здаюцца парэчкі.

Сонца ярчэйшым
Здаецца на небе.
Смак свой, адметны,
Заўсёды ж у хлебе.

А росы на травах –
Нібыта каралі.
Бацькі за свій край
Нездарма паміралі.