Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Я гавару з дрымучым, цёмным лесам...

Сярэдняя: 4.2 (6 галасоў)

Я гавару з дрымучым, цёмным лесам.
Я гавару, каб слухалі палі:
I ў Беларусі шмат было Дантэсаў,
I ў Беларусі Пушкіны былі.

Хто пахадзіў з Тарасам на Парнасе?
Які быў той нязнаны пілігрым?
А што б мог даць, каб не сканаў заўчасна,
Загадкавы бунтар Паўлюк Багрым?

О, колькі іх загінула ў народзе,
Па таленту не горай Скарыны.
Віной — мы кажам — жорсткія стагоддзі,
А хіба ж іншай не было віны?

A то ж касіла яркія асобы
Бязлітасная нейчая рука.
Пасля тайком чыноўнік тупалобы
Знішчаў ушчэнт іх вершы да радка.

I прывід тых, былых, злашчасных ценяў
Нам раніць сэрца, быццам бы нажом.
Ай, як падчас мы хараство не цэнім,
Паэтаў мы сваіх не беражом.

Парой іх лёс скрыпіць, як на завесах,
Трывожыць гоман з векавой далі:
I ў Беларусі шмат было Дантэсаў,
I ў Беларусі Пушкіны былі.