Я прыехаў дахаты ноччу.
Вёска спіць, прыкарнуўшы ад стомы,
і не свецяць мне вокны-вочы
тым святлом запрашальна-знаёмым.
Застывае ў начным маўчанні
засяроджана наваколле.
І хістаецца белай зданню
месяц сонны ў бярозавым голлі.
Доўга крочу я па завулку,
цемень крокі настылыя глушыць.
Свайго сэрца удары гулкія
сцішу, каб твайго сну не парушыць.