Я раскрываю сшытак і пішу,
Я давяраю аркушу паперы.
Я ўсё аддам…
Адзінае –
Прашу:
Не зачыняйце, калі ласка, дзверы,
Не выганяйце ў ноч маіх радкоў,
Не прымушайце вершы да жабрацтва.
Не трэба выракацца,
Мы жа – брацтва!
І неяк разам трэба нам сабрацца
На шчырую размову радакоў.
Паслухаць ціха споведзь ці імшу,
Бо закарэлі сэрцам і душою…
Няма для лазні лепшага пакрою –
Я распранаю сэрца і душу!