* * *
Я шукаў сябе ў тых далёкіх днях,
калі дом ссамотнелы спавівалі замеці,
калі памяць гублялася ў снах,
калі сны губляліся ў памяці.
Мне шапталі шаты высокіх дрэў:
«Ачуняй, нічога яшчэ не страчана,
ты не знік, у вогнішчы не згарэў,
шмат сустрэнеш дзівос нябачаных…»
Я шукаў паўсюль прыкметы вясны,
не знаходзіў, і разам з памяццю
адляталі мае залатыя сны
ўвышыню, і знікалі ў замеці.