***
Я вывучаў цябе ад “А” дя “Я”.
О, то была складаная навука,
Калі ў святле дрыготным ліхтара
Знікалі думкі і ўзляталі рукі.
Ты з шэпату зрывалася на крык,
Ляцела сарамлівае прызнанне
Праз ноч, і бляск вачэй тваіх
Дарыў спакой і светаадчуванне.
Маркота адлятала ў вышыню,
І паміралі водгукі і гукі.
Здавалася, што я з крыніцы п’ю,
А не вучу азы тваёй навукі.
У зорным небе таяла імгла,
І месяц узыходзіў. Ён упарта
Глядзеў на ноч, што мне дапамагла
З кантрольнаю, як школьніку за партай.
Пілі мы з вуснаў даўкае віно,
А раніцай прыйшла пара растання,
І зразумець я змог тады адно:
Мне не спазнаць цябе з тваім каханнем…