Я з далёкіх часоў
Вашых светлых вачэй
Адчуваю цяпло, змагары!
Стала менш ланцугоў,
Ды не стала лягчэй,
Мы хапаем святло,
Як звяры.
Злосным рухам рукі
Адпіхнулі крыжы,
Наступілі нагой на абраз,
I балотам з ракі,
I саляркай з мяжы
Напаўняецца мой
Чорны час.
Мне б аб кветках спяваць
Над крынічнай вадой.
Слухаць птушак тваіх
Звонкі грай.
Ды пад сэрцам гараць,
Палымнеюць з душой
Гукі песень другіх,
Родны край!
Я — віноўнік ці не?
Мне ж у вочы — пяском,
Мне ж у вушы бурды
Налілі.
У агульнай віне
Я рабіўся рабом
Бездухоўнай хады
Па зямлі.
Час настаў, і цяпер
Буду гнеўна клясці
У сабе я раба
І душыць.
Я — не раб!
Я — не звер!
А вакол барацьба,
Без якой у жыцці
Не пражыць...