Я зорам чытаю вершы
Так, я зорам чытаю вершы.
Так, дажджам я пішу куплеты.
Так пішу, каб у словах першых
Распускаліся мар букеты,
Расцвіталі сады надзеяў,
Патаемных маіх жаданняў...
Усяго, што ў душы навеяў
Цёплы вецер сустрэч, растанняў.
Так, каб верылі кожнай кропцы,
Кожнай косцы давалі веру.
Бо ў іх, быццам промень сонца,
Цёплы промень майго даверу.
І натхнення майго адбітак,
Без яго свет не мае сэнсу.
Я ступаю па снах разбітых,
Рассыпаю кавалкі сэрца.
Ажывае радок бясконцы,
Застаецца за словам слова.
Як раней, узыходзіць сонца -
Існавання майго аснова.
І я зноўку (ўжо раз не першы)
Пакланюся сваёй святыні.
Так, я зорам чытаю вершы...
Зноў душа на паперы стыне.