Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Кацярына Мізерыя

Яшчэ не ацэнена

Намалюю неба фарбай ярка -сіняй,
Намалюю сонца ярка-залатой.
З роднае крыніцы зноў пазычу сілы,
Горад расфарбую ўсмешкаю сваёй.

Намалюю лета колерам чырвоным,
Колерам сунічным расфарбую свет.
Запяюць званочкі ледзь заўважным звонам,
Застракоча конік у ранішняй траве.

Колерам зялёным красавік малюю,
З кветак яркіх -яркіх веснавы дыван.
(Водарам дзівосным усю зямлю чаруюць....)
Фарбай светла -шэрай - восеньскі туман.

Намалюю белым тонкія аблокі
І празрыстай фарбай цёплыя дажджы.
Намалюю зіму і сняжочак легкі...
Стрэлку намалюю, што хутчэй бяжыць.

Намалюю Шчасце фарбаю дзівоснай -
Фарбай, невядомай нават мастакам.
Намалюю Радасць раніцаю роснай
І малюнак гэты людзям перадам.



Яшчэ не ацэнена

Гэтых крылаў ніхто не зламае,
Яны вытрымаць змогуць усё.
Я з вялікай падзякай прымаю
Усё,што дадзена Музай маёй.

Гэтых крылаў ніхто не падпаліць...
Яны выжывуць, нават у агні.
Буду вечна зямлю сваю славіць
Тою мовай, што продкі далі.

Тою мовай, якую з дзяцінства
Сагравала на вуснах сваіх.
дайце ж мне, бы вадой, наталіцца
Родны верш прачытаўшы ўслых.

Тою мовай, якую калісьці
Над калыскай анёл нашаптаў,
Прашаптала за вокнамі лісце,
Вецер ціха, бы скарб, перадаў.

Тою мовай, якую ніколі
Не змагу я нічым замяніць.
Праспяваю, бы птушка на волі
Тою мовай, што продкі далі.



Яшчэ не ацэнена

Я зорам чытаю вершы
Так, я зорам чытаю вершы.
Так, дажджам я пішу куплеты.
Так пішу, каб у словах першых
Распускаліся мар букеты,

Расцвіталі сады надзеяў,
Патаемных маіх жаданняў...
Усяго, што ў душы навеяў
Цёплы вецер сустрэч, растанняў.

Так, каб верылі кожнай кропцы,
Кожнай косцы давалі веру.
Бо ў іх, быццам промень сонца,
Цёплы промень майго даверу.

І натхнення майго адбітак,
Без яго свет не мае сэнсу.
Я ступаю па снах разбітых,
Рассыпаю кавалкі сэрца.

Ажывае радок бясконцы,
Застаецца за словам слова.
Як раней, узыходзіць сонца -
Існавання майго аснова.

І я зноўку (ўжо раз не першы)
Пакланюся сваёй святыні.
Так, я зорам чытаю вершы...
Зноў душа на паперы стыне.



Сярэдняя: 5 (1 голас)

– Ты вершы пішаш?
– Я малюся Слову...
Як найгалоўнейшай святыні на Зямлі,
Рыхтуючы нязломную аснову
Жыццю свайму... Нябесы мне далі

Магчымасць выказаць усё і распавесці
Пра таямніцы юнае душы.
Аб чым яна спявае напрадвесні?
Аб чым спяваюць раніцай дажджы ?

Аб чым шапоча лісце над ракою,
Аб чым грыміць знаёмы майскі гром?
Анёл кіруе зноў маёй рукою
І шэпча казкі навальнічным днём.

Я слову светламу, як Богу, памалюся...
Яно адзіны сэнс маіх шляхоў.
Крыніцы роднай нізка пакланюся,
І да сваіх прыйду вытокаў, каранёў.

Я слову роднаму заўсёды буду вернай,
Падданай вечнаю паэзіі святой.
Я зноў натхненню адчыняю дзверы
І наталяю смагу чыстаю вадой.

І зноў вяртаюся да светлае асновы,
Да той адзінай, што анёлы мне далі.
–Ты вершы пішаш?
– Я малюся Слову...
Як найгалоўнейшай святыні на Зямлі!