Спытала яблыня ў сонца:
–Дакуль цяжар пладоў цярпець?
–Як вып’еш боль увесь да донца,
На Спас ты можаш іх страсаць.
Пакоцяцца яны па росах
З любоўю, верай да людзей.
Магчыма, збудуцца ў нябёсах
Надзеі лепшыя з надзей.
На светлую зару-заранку,
На роднай мове калаханку,
На смех дзяцей у кожнай хаце,
На квецень у вясновым садзе.
На хлеб надзённы і багаты,
Сцяжынку родную дахаты,
На стол гасцінны для суседа,
Радок удалы для паэта.
…Стаяў сцішэлы летні сад
Пад соцам дзён яшчэ нямала.
Як сотню год таму назад,
Зноў Спаса яблыня чакала.