Канцэнтрацыя дурняў крытычная:
Ёсць — прасцяк, без цара ў галаве,
Ёсць, што з розумам ходзіць пазычаным,
А найбольш — хто на дурня жыве.
Так прыладзіцца, так прыкінецца:
З богам — бог, а з героем — герой,
Цыркулярыць душа-чарнільніца,
I з трыбуны — за праўду гарой!
Так захопіцца часам прамоваю —
Аж паветра рукамі грабе,
Аж сапе, быццам дух напампоўвае —
Перакрыкнуць самога сябе!..
Нос кіруе па плыні, як човен,
Сець закідвае — што пагусцей,
Знае толк у праграме Харчовай:
Там выконвае, дзе тлусцей.
Быццам бурбалкі — лозунгі клічныя,
Аж сіпіць перагрэты гарляк, —
Колькі іх, што на дурняў разлічваюць
I смяюцца паціху ў кулак...
Ні касцы, ні жняцы, ні аратыя, —
Як грыбы — партфельная раць!..
Поўны з коптурам кош бюракратыі...
Што рабіць толькі з гэтаю браціяй:
Ці саліць іх, ці марынаваць?..