Калі
Па веснавой зямлі
Прайшоўся дожджык босы,
Вясёлку ткаць
Распачалі
Вясёлыя нябёсы.
— Чакайце! —
Гром не мог маўчаць —
Аж задрыжала неба. —
З якога колеру
Пачаць
Нам ткаць
Вясёлку трэба?
Чырвоны колер —
Ад зары,
З яго мы і пачнем,
Сябры!
— Аранжавы
За ім ідзе, —
Аблокі нагадалі, —
З гарачым колерам
Нідзе
Не замярзалі далі.
— Аранжавы, аранжавы, —
Скрыпеў вятрак
Абражана.
— Жадаю спеласці такой,
Як жытні поўны колас, —
Сказала сонца.
За ракой
Падтакнуў нейчы голас.
Жаўна,
Падтакнула яна:
— Жаўцее гожа збажына!
Заладзілі сваё
Вятры,
Бягуць,
Як коні з пуні:
— Найлепшы,
Як там ні хітры,
Зялёны колер
Руні.
Зямля зялёная вясной,
Як вецер
Стараны лясной.
— Без вобліку майго
Зусім
Я неба не ўяўляю, —
Блакіт сказаў, —
Любіць усім
Блакітны вам параю.
Бо рэчка пад ракітамі
Блакітная-блакітная.
Сінічка,
Лёгка летучы,
Прысела на галіне,
Спытала:
— Бачылі ўначы
Туман пяшчотна-сіні?
Вядома, ўсё без сіняга,
Як бераг той
Без сітняга!
— Фіць-фіць, —
Спяшае ластаўка,
Што пад страхою
Летуе, —
Калі ўжо ткаць
Палас такі,
Дык колер фіялетавы
Патрэбен тут выключна,
Ён з сінім неразлучны.
І цецярук
Хвале дае
Той колер фіялетавы.
І выткалі вясёлку,
Вясёлку-весялуху,
І, ззяючы пасёлку,
Яна ўзышда з-за лугу.
Сем колераў
Гарыць у ёй,
Пералічы
І ўсе засвой!
Чырвоны,
Аранжавы,
Жоўты,
Зялёны,
Блакітны,
Сіні,
Фіялетавы.
Іх помняць
Лясы і адхоны,
Вяслыя колеры гэтыя!
Сем колераў,
Як сем прыгод.
Вясёлка
Тчэцца з іх
Штогод!