Ідзе Ліса па лесе, а насустрач ёй Воўк. Павіталіся, і Ліса гаворыць:
– Вось хутка Каляды, як адзначаць будзем?
– Я звычайна выццём адзначаю, – адказвае Воўк.
– Куды гэта варта, тут весяліцца трэба, а ты сабраўся тугу наганяць.
– А што ты прапануеш?
Ліса паглядзела па баках, бачыць на бярозе сядзіць Сарока.
– Прывітанне, белабокая! Злётай-ка ты да Аленя, скажы каб трубіў збор, параіцца трэба.
Сабраліся звяры на вялікай паляне і сталі раіцца: як лепш адзначыць Каляды. Хтосьці і аб падарунках пад ёлачку для дзетак-зверанят успомніў. А дзе іх узяць? Тут Ліса і прапанавала:
– Трэба да Лесавіка ісці, без яго мудрай парады нам не абысціся.
І як ні шкада было трывожыць старога, пастукаліся ў вялікае дупланатае дрэва. Адразу з дупла выглянуў верны ахоўнік Пугач, а затым паказаўся і Лесавік. Выслухаў звяроў, трохі падумаў, пачухаў патыліцу і кажа:
– Ёсць у мяне адна добрая ідэя. Будуць ісці да дзетак у горад Дзед Мароз і Снягурачка, прысядуць на пень адпачыць і тут момант нельга ўпусціць.: хай Ліса падкрадзецца ціхутка і ў мяшку з падарункамі дзіру прагрызе. А каб Дзед Мароз са Снягурачкай не пачулі, няхай Сарока грамчэй непадалёку трашчыць. І не хвалюйцеся што дзеткам у горадзе мала падарункаў застанецца, бо гэты свет не без казачных дзівос...
Так і зрабілі. Дзед Мароз са Снягурачкай трохі адпачнуўшы, з пня падняліся, далей пайшлі. Ідуць і з-за завеі не чуюць, што падарункі па аднаму выпадаюць на снег. Толькі схаваліся за пагоркам, як звяры кінуліся іх збіраць, пакуль снегам не замяло. Калі Дзед Мароз адчуў, што яго ноша вельмі палягчэла, спыніўся, паглядзеў на мяшок і адразу аб усім здагадаўся. Аднак злавацца не стаў, толькі ўсміхнуўся сабе ў бараду і завею ўзмахам посаха спыніў. А тут і сонейка выглянула. Узяла Снягурачка праменьчык і зашыла ім у мяху дзіру. А Дзед Мароз нахіліўся і прамовіў нейкія, яму аднаму вядомыя, словы і мяшок зноў пад завязку напоўніўся падарункамі.
А звяры сталі вырашаць, хто з іх мог бы лепш сыграць ролю Дзеда Мароза, каб пацешыць сваіх немаўлят. Пагадзіліся, што гэта можа найлепш атрымацца ў Мядзведзя. Як ні шкада ім было будзіць касалапага, сталі стукацца да яго ў бярлогу. Мядзведзь пабурчаў, паварочаўся з боку на бок, ды няма куды дзявацца: падняўся, зладкаваў бараду з шэрага моху, падабраў посах і выйшаў да сваіх лясных суседзяў. Ды яшчэ і мёду з медавухай прыхапіў. І ўсе пастараліся як маглі: тут і арэхі, і грыбы, і розныя варэнні-саленні ўпрыгожвалі стол. А карагод павялі вакол ёлкі непадалёку ад жылля Лесавіка, каб і ён мог парадаваць вока, а потым і да святочнага стала свайго добрага дарадчыка запрасілі.