Калісьці зеляней была трава,
Блакітней неба і лагодней сонца.
Тут беларусам памагаў трываць
Сам Райніс – наш дарадчык, абаронца.
Ці, можа, што з дзяцінсіва тут пры ўсім –
І песня беларуская запала.
Ці, мабыць, што аб тым яго прасіў,
Наведаўшыся ў Латвію, Купала?
Каб тут сабой самімі быць маглі,
Каб тут сваёй не выракліся мовы,
Каб школы й беларускія былі, –
У Сейме Райніс сцяг трымаў прамовы.
Таму так моцна вестка апякла,
І беларусы плачу не хавалі,
Калі свайго заступніка хавалі:
А хто ж цяпер нас будзе апякаць?!
Ды зноў трава нам стала зеляней,
Блакітней неба і лагодней сонца,
Бо Райніс там, у зорнай старане,
За нас замовіў перад Богам слоўца...