За імгненнем бяжыць імгненне,
Нібы кадры нямога кіно.
Вечнасць грае ў тэатры стварэння,
Нараджаючы цень і святло.
За хвілінай мінае хвіліна,
Быццам сэрца біццё без душы.
Зоркі стынуць адвеку няспынна
У прасторы касмічнай імшы.
За гадзінай сплывае гадзіна,
Нібы хвалі бурлівай ракі.
Сустракаецца маці з сынам
Паміж часам у снах на Дзяды…
За гадамі імкнуцца стагоддзі,
Рысакамі імклівых падзей.
У імгненнях народжаных богі
Стынуць зоркамі ў бляску вачэй.