У садоўніка ў садзе ёсць кветка адна,
Што між іншымі лепшай здаецца.
Гэтай кветцы душу аддае ён да дна,
Паліваць яе першай імкнецца,
I за лёс яе клопат ён мае,
А яна, як і ўсе там, такая.
Калі можна з тым садам і свет параўнаць,
То з нас кожны ў ім мае куточак
Запаветны. I нельга яго адабраць,
Абнячэсціць, ці зганьбіць аднойчы.
Бо не простая гэта краіна,
Бо завецца краіна — айчынай.
Сярод іншых не кінецца ў вочы яна,
Экзатычных пейзажаў няма ў ёй.
Колькі трэба, блакітнага ёсць палатна,
Колькі трэба, сінечы ільнянай.
Ёй лясныя сукенкі да твару,
У азёрных вачах яе — мары.
Дабрынёй маладой усміхаецца твар,
На дзяўчыну падобна з Палесся,
Ты, радзіма, усім надала хараства,
Хто з калыскі пачуў тваю песню.
У садоўніка кветка адзіная,
Чалавека ж няма без радзімы.