Зарачанская карчма
У свой час паселішча Зарэчча (раён сучаснай вуліцы Калініна ў Лідзе) славілася сваёй карчмой, а зарачанцы мелі дурную славу п’яніц і забіяк.
Да Зарэчча дзеўкі, хлопцы
прыкіпелі нездарма:
пры дарожаньцы, на горцы, –
зарачанская карчма.
Па нядзелях і па святах
шмат збіраецца сялян
у карчме. П’янчуг заўзятых
музыканты весяляць.
Выкладаюць, хто што мае,
за гарэлку, за віно –
гаспадар Арон прымае
грошы, збожжа, палатно.
Гаспадарскія сыночкі –
цымбаліст са скрыпачом –
граюць, каб да позняй ночкі
люд па хатках не пайшоў.
Весела ды мнагалюдна.
Шмат шчаслівых мужыкоў.
Палажы быка на блюда –
справяцца і з тым быком.
Напівацца, наядацца
люд прыходзіць, п’е ды есць –
і п’янчужку зарачанца
не цікавіць свет увесь.
У карчму крадзецца мышкай
зарачанка з палатном,
каб гарэлку піць з кілішка
з мужычкамі заадно.
П’юць і мужыкі, і бабы –
зарачанцы п’юць усе:
хітры змей зялёны, мабыць,
ім і сябар, і сусед.