Завісла поўня спелая над хатай,
Ранетаў дух румяных прагна п'е
І мые шчокі круглыя свае
Расою жнівеньскай халаднаватай.
Зялёны чысты водар хмелю з мятай
Да самых дальніх зорак дастае.
А ноч сузор'і, бы вяночкі, ўе,
Развешвае над ліпаю кудлатай,
І аблачынку сонную люляе,
І калыханку яблыням спявае.
У цішыні духмянай пад крылом
Зямля і неба поўныя спакою,
Аблашчаныя Божаю рукою
І мяккім поўні спелае святлом.