Здзіўленне — подых абнаўлення,
Пункціры — абяцанне адкрыцця...
Хвала табе, бунтоўны дух сумнення,
Хвала табе, вандроўніцкі прасцяг!
Не знаю сам — зацяты дамасед —
Які мне вецер развінае крылы
I цягне цягам у няблізкі свет
Якая ненатоленая сіла?
Насустрач дням, што з небыцця ірвуцца,
Імчыце, самалёты, караблі!
Не дайце з тымі днямі размінуцца —
Іх трасцу потым купіш за рублі
Паклон мой небу і паклон багам,
Якіх за бараду яшчэ не ўзяў я,
Паклон мой акіянскім берагам
I завадзям рачулкі плыткай Гаўі.
Што ў днях мне тых! Ніхто не абяцае
Удачы і багатага жніва.
Адно на развітанне — крыкі чаіц:
«Куды ты зноў, перакаці-трава?»
А я іду. Не свет здзівіць. Я сам
Іду здзіўляцца гэтым дзіўным светам.
Мне краю роднага і подзвіг і краса
Выразней бачны з далячынь планеты.
Хай песняю сяброўская бяседа
Чаруе: «Заставайся назусім».
Спявайма, хлопцы:
я — за песняй следам!
Дамоў, дамоў — даволі калясіў.
З дарог якіх бы пыл ні атрасаў —
Я сэрцам ад цябе не адарвуся,
Узлётнае сцяжынкі паласа
Паміж палёў жытнёвых Беларусі.
Хвала здзіўленню! I перад квяцінкай
Я на калені моўчкі упаду...
Глыток вады, апошняя скарынка, —
Абы вось тут, пад гэтай аблачынкай, —
У родных траў і птушак на віду.