Знайду ў цётчыных сенцах жорны, выцягну на
парог, крутану рукавятку...
Засмяюцца жорны голасам маці,
запяюць голасам бабы Аўгінні,
вылаюцца голасам дзеда Максіма.
Адале загавораць галасамі незнаёмымі і ўсё
болей незнаёмых слоў пачую я.
Адале замаўчаць цётчыны жорны, хоць і будуць
круціцца, — адно даляціць аднекуль пошчак капытоў.
Крутану назад рукавятку —
зноў данясецца пошчак далёкі.
Зноў пачую галасы незнаёмыя,
і дзедаву лаянку,
і бабуліну песню,
і мамін смех.
I зноў анямеюць жорны.
Марна буду круціць рукавятку:
не пачую я свайго голасу,
не пачую голасу сына Рамана,
і голасу сына Багдана,
і голасу ўнука...
Хто запомніць?
Хто пачуе?
Хто зразумее
галасы нашы?