Непадалёку ад дома, што стаяў на водшыбе, узвышаўся калодзезьны журавель. Ён выцягваў шыю, углядаўся ўдалячынь, дзе на поплаве былі бачны жураўлі. Яму было даспадобы наглядаць за іх танцамі. Тады і ён, нібы ў такт, пачынаў ківаць галавою на ветры. Аднак ні на паўкроку не мог скрануцца з месца. Хоць часам у сне бачыў сябе такім жа танцорам!
Неяк восеньскім днём жураўлі апусціліся зусім блізка ад яго і ён пачуў іх словы:
– Мы збіраемся адлятаць у вырай. Дык паляцелі разам з намі!
– Не магу, – зарыпеў-закурлыкаў калодзезьны журавель, – ніяк не магу пакінуць сваіх гаспадароў. Хто ж будзе паіць іх вадою, хто ж будзе даставаць са студні зорачкі для іх дзетак?!
– Ну дык бывай да вясны! – пракрычалі жураўлі і пачалі адрывацца ад зямлі, строячыся клінам.
А калодзезьны журавель доўга глядзеў ім услед і ківаў галавою, ужо нібыта з дакорам...
А як выраслі і пачалі адлятаць у вялікі свет, як у вырай, дзеці гаспадароў, а затым вяртацца дадому, ён не аднойчы з вялікаю радасцю чуў:
– Якое шчасце трымаць у руках не сініцу, а цябе, журавелю!
Яны былі ўдзячны свайму цыбатаму дабрадзею за тыя зачэрпнутыя ў калодзежы зорачкі, якія запалі ім у душы і аказаліся потым божымі іскрынкамі іх талентаў...