I на нябёсах слізкая дарога,
Калдобіны свае і ў сінявы.
Зірніце! — адстае ад хваставога
Аслабшы жораў. Мёртвы ці жывы?
Падбіла куля, ці самлелі крылы,
Ці напужаў размах далечыні?
Губляючы з няцвёрдым пер'ем сілы,
Ён падае ў чароты з вышыні.
Другім да пірамід данесці цені,
А тут, сярод балотных астравоў,
Чуваць у трысняговым шалясценні
Журбу недаляцеўшых журавоў.