1
I адракліся белыя снягі
Ад гэтае зімы няўлежнай,
Ад гэтае зямлі няўцешнай, —
I ветразь белых дзён знялі.
А ўслед — наўсцяж — маўчаць палі,
Дзе голы лёд і шэры камень
Прабіў кастлявымі рукамі
Сухі чарнобыльскі палын.
Застыне ўсіх пачуццяў шлак...
Якая ж доля — звышнагрузка —
Яшчэ любіць па-беларуску,
Яшчэ самой прайсці свой шлях!
2
I воблакі найшлі і шчыльна сталі,
Ажно глушэе самы зычны гук.
Глыток свабоды замірае каля губ
У атачэнні небахмарнай сталі.
I доўжыцца адзін цягучы дзень,
Яму бязгучныя іграюць трубы.
А той, хто так неспадзявана любы,
Са мной маўчанку здрадную вядзе.
Сышлося ўсё ў адным няскрутным часе,
Які са мною толькі і міне.
I нехта шэпча страшна да мяне:
— Пераступі праз немагчымасць шчасця!