Снег кранае да слёз у мароз...
Толькі дзе яны? – ледзь не да слёз
Крыўдна часам, здзіўляемся мы,
Што не выпрасіць снегу ў зімы.
А бывала злой феяй не раз –
Гурбы суму навее на нас,
Горы снегу вакол намяце
І застыне у глухой немаце!
Помню маці мяне падняла:
– Ой, завея вуллі замяла!
Трэба неяк нам раду даваць –
Пчол, карміліц сваіх, ратаваць!
Не сапля ўжо – зялёны смаркач,
Я ўгаворваю маму:
– Не плач,
Не малы ж я – мне дзевяць гадоў. –
Хоць і сам жа заплакаць гатоў!
Даўшы пчолкам паветра дыхнуць,
Мы з палёгкай маглі уздыхнуць,
Хоць пад вечар не чулі рук-ног.
І ніхто не прыйшоў, не памог...
Толькі гэта яшчэ з-паў бяды.
А старым як было да вады
Дакапацца?
А потым – да дроў?
Вось каму па каму – будзь здароў!
Вось каму часам крыўдна да слёз:
Дзесьці дзеці у многіх іх ёсць,
А нібыта зусім іх няма...
Добра, хоць падабрэла зіма!
Гуманоіды, можа, ўраклі, –
Што аж слёзы ў яе пацяклі!
Ці, мо, людзі так чаду далі, –
Што да плачу зіму давялі!